Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік | |
---|---|
катэгорыя МСАП Ia: строгі прыродны рэзерват[d][1] | |
Размяшчэнне | Беларусь, Гомельская вобласць |
Найбліжэйшы горад | Хойнікі, Нароўля |
Плошча | 216.578 Га |
Сярэдняя вышыня | 110-120 м над у. м. |
Дата заснавання | 1988 |
Кіруючая арганізацыя | Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС МНС РБ |
Сайт | zapovednik.by |
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны запаведнік падобнага тыпу ў свеце, самы буйны ў Беларусі.
Запаведнік быў арганізаваны ў 1988 годзе (24 лютага ў адпаведнасці з пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР № 59-5[2] ці 18 ліпеня ў адпаведнасці з распараджэннем Савета Міністраў БССР № 485р [1] Архівавана 8 жніўня 2011.) на тэрыторыі беларускага сектара зоны адчужэння (трыццацікіламетровай зоны) агульнай плошчай 1313 км² пад назваю Палескі дзяржаўны экалагічны запаведнік. Ён размясціўся на тэрыторыі найбольш пацярпеўшых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС раёнаў — Брагінскага, Нараўлянскага і Хойніцкага. Пастановай Савета Міністраў № 122 ад 10 лютага 1989 года быў перайменаваны ў Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік (ПДРЭЗ) і з таго часу знаходзіцца ў вядзенні Камітэта па праблемах вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (зараз — Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь). У 1993 годзе да запаведніка далучаныя 849 км² тэрыторый, прылеглых да зоны адчужэння, і яго сучасная плошча складае 216578 га[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Да Чарнобыльскай аварыі на сучаснай тэрыторыі запаведніка існавалі 96 населеных пунктаў, у якіх жыло больш за 22 тысячы жыхароў. Асноўны напрамак вядзення гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Падчас аварыі на тэрыторыю запаведніка выпала прыкладна трэцяя частка ад усяго выпаўшага на Беларусь цэзію-137, больш за 70 % — стронцыю-90 і 97 % радыёнуклідаў плутонію. У 1986 годзе амаль усе жыхары былі выселеныя з гэтай тэрыторыі, гаспадарчая дзейнасць была практычна цалкам спыненая. Некаторыя адселеныя вёскі былі пахаваныя. Пасля арганізацыі запаведніка для падтрымання запаведнага рэжыму пачалося абгароджванне яго тэрыторыі, былі створаныя кантрольна-прапускныя пункты (Бабчын, Багушы, Верхне-Слабодскае, Глухавічы, Піркі, Цешкаў; усяго іх 11), пляцоўкі для правядзення навукова-даследчых работ; у Бабчыне была размешчана асноўная навуковая частка запаведніка і даследча-эксперыментальная база. У 1996 годзе у былой вёсцы Масаны Хойніцкага раёна была створаная даследчая станцыя. Практычна адначасова с адсяленнем людзей сюды пачалі актыўна пранікаць дзікія жывёлы і птушкі, што ў выніку прывяло да фарміравання ўнікальнага па сваіх памерах і разнастайнасці біярэзервата.
Сучасная радыяцыйная абстаноўка
[правіць | правіць зыходнік]Шчыльнасць забруджвання рознымі радыёактыўнымі ізатопамі на сённяшні дзень на тэрыторыі запаведніка наступная: цэзіем-137 — да 1000 Кюры/км², стронцыем-90 — да 20 Кюры/км², плутоніем-238-240 — да 5 Кюры/км². Такія ўзроўні забруджвання не дазволяць вярнуць асноўную масу зямель запаведніка ў гаспадарчы абарот прыкладна ў бліжэйшыя 300 гадоў (каля 10 перыядаў паўраспаду цэзію-137 і стронцыю-90, актыўнасць якіх за гэты час зменшыцца больш чым у 1000 разоў), тэрыторыю ж, забруджаную трансуранавымі элементамі, немагчыма будзе вярнуць у абарот у аглядным будучым. Асноўную небяспеку ў бліжэйшай перспектыве прадстаўляе сабой амерыцый-241 — прадукт распаду плутонію-241. Яго ўтрыманне ў глебах будзе расці прыкладна да 2060 года. З-за сваіх фізіка-хімічных асаблівасцей (альфа-выпраменьвальнік) ён нашмат больш таксічны чым плутоній-241 і стронцый-90 (бета-выпраменьвальнікі) і больш небяспечны чым такія ж як і ён альфа-выпраменьвальнікі — ізатопы плутонію з атамнай масай 238—240 (з-за большай біялагічнай актыўнасці і рухавасці). За 20 гадоў пасля аварыі яго актыўнасць у глебах узрасла ўдвая, а за наступныя 50 гадоў павялічыцца яшчэ ў 10 разоў[3].
Структура і задачы запаведніка
[правіць | правіць зыходнік]Адміністрацыя запаведніка размешчана ў горадзе Хойнікі[4] Структурна ён падзелены на тры ўчасткі — Брагінскі (плошчай 64602 га), Нараўлянскі (63645 га) і Хойніцкі (88331 га), якія размяшчаюцца ў адпаведных адміністрацыйных раёнах, і 16 лясніцтваў. У адселенай вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна знаходзіцца даследча-эксперыментальная база і навуковая частка запаведніка, а на мяжы з Украінай, за 12 км ад ЧАЭС — даследчая станцыя Масаны (у аднайменнай адселенай вёсцы), дзе ажыццяўляецца радыяцыйна-экалагічны маніторынг і вядуцца біякліматычныя даследаванні. Штат запаведніка складае каля 700 чалавек, а штогадовыя выдаткі на функцыяніраванне — каля 4 млн долараў ЗША.
Задачы, якія вырашае запаведнік[3]:
- ажыццяўленне мерапрыемстваў па прадухіленню пераносу радыёнуклідаў на прылеглыя тэрыторыі;
- кантроль за змяненнем радыяцыйнай абстаноўкі;
- радыяцыйна-экалагічны маніторынг глебы, паветра, вады, флоры і фаўны;
- правядзенне радыёбіялагічных даследаванняў і вопытна-эксперыментальных работ з мэтаю распрацаўкі тэхналогій рэабілітацыі забруджаных радыёнуклідамі зямель, ацэнкі ўплыву радыёактыўнага задруджвання на жывёльны і раслінны свет;
- ахова тэрыторыі ад несанкцыяніраванага пранікнення, у мэтах натуральнага развіцця жывой прыроды;
- ахова тэрыторыі ад пажараў, шкоднікаў і захворванняў лесу;
- залясенне зямель, у першую чаргу схільных да ветравой і воднай эрозіі.
Акрамя таго, у запаведніку вядзецца абмежаваная гаспадарчая дзейнасць, у асноўным накіраваная на забеспячэнне ўласных патрэб і часткова — дзеля змяншэння выдаткаў на яго функцыяніраванне. Сярод такіх напрамкаў: лесазагатоўка і дрэваапрацоўка, вырошчванне зернавых культур, племянная конегадоўля, вытворчасць свініны і таварнага мёду, вырошчванне саджанцаў пладовых культур, аказанне паслуг грамадзянам і арганізацыям [2] Архівавана 3 сакавіка 2016..
Геаграфічная характарыстыка
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя запаведніка ўяўляе сабой моцна забалочаную нізінную раўніну. Абсалютныя вышыні складаюць ад 105 м над узроўнем мора (урэз вады ракі Прыпяць на мяжы з Украінай да 149,4 м (былая вёска Баровічы).
Клімат умерана-кантынентальны, сярэднегадавая тэмпература паветра складае 6,8 °C. Вегетацыйны перыяд — 195—200 дзён, сярэдняя колькасць ападкаў за год — 510—540 мм.
Асноўны вадаток на тэрыторыі запаведніка — рака Прыпяць. Рэчышча яе ў межах запаведніка вельмі звілістае, з мноствам рукавоў, агульная даўжыня — больш за 120 км. Пойма шырокая, на асобных участках да 9 км, з мноствам старыц і пойменных азёраў; агульная яе плошча складае больш за 310 км² (14,4 % плошчы запаведніка). Акрамя таго, па тэрыторыі запаведніка праходзіць некалькі малых рэк — Брагінка, Віць, Жалонь, Несвіч, Ражава, Славечна, і буйных каналаў — Грубчанскі, Кажушкаўскі[5], Паганянскі.
У запаведніку размешчаны асобныя буйныя балотныя масівы — Грубчанскі (11 тыс. га) і Радзінска-Нежыхаўскі (14 тыс. га). Дааварыйная доля меліяраваных зямель на тэрыторыі сучаснага запаведніка складала 35 %, але пасля аварыі, у сувязі з амаль поўным прыпыненнем гаспадарчай дзейнасці, а таксама перакрыццём меліярацыйных каналаў дзеля змяншэння пажарнай небяспекі, на гэтай тэрыторыі пачалі актыўна развівацца працэсы другаснага забалочвання. Грунтовыя воды залягаюць на вышыні ад 5—10, часам 20 см (на забалочаных участках) да 0,5—1 м, характарызуюцца павышаным утрыманнем арганічных рэчываў і жалеза.
Тэрыторыя запаведніка ўваходзіць у Палеска-Прыдняпроўскую акругу падзоны шыракаліста-сасновых лясоў. Лясістасць тэрыторыі складае 51,1 % (110,4 тыс. га), 60 % лясоў знаходзіцца на тэрыторыі са шчыльнасцю забруджвання цэзіем-137 больш за 40 Кюры/км². Асноўныя лесаўтваральныя пароды — сасна (43,8 %), бяроза (30,6 %), чорная вольха (12,5 %). Дубровы займаюць 6,3 % лесапакрытай тэрыторыі, астатнія пароды — 6,8 %. Буйнейшыя лясныя масівы — Дронькаўскі (15 тыс. га), Кіраўскі і Радзінскі (па 12 тыс. га). У структуры лесанасаджэнняў пераважаюць маладнякі (у першую чаргу штучна створаныя саснякі) і сярэднеўзроставыя насаджэнні. Адзначаны рост 1251 віда раслін (каля 70 % флоры Беларусі), у тым ліку 40 ахоўных відаў, сярод якіх ятрышнік шлеманосны, астра стэпавая, асака ценявая, наяда вялікая, вадзяны арэх плывучы, гваздзік армерыяпадобны, старасцень эрукалісты, пылкагалоўнік даўгалісты, венерын чаравічак сапраўдны, расіца прамежкавая.
Фаўна характэрная для падзоны шыракалістых лясоў і ўключае таксама прадстаўнікоў таёжных і стэпавых відаў. На сучасны момант адзначана прысутнасць 46 відаў млекакормячых, у тым ліку 6 відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі — буры мядзведзь, барсук, рысь, 2 віды сонь — палчок і арэшнікавая, зубр. Невялікі статак зуброў (16 жывёл) быў завезены сюды з Белавежскай пушчы ў 1996 годзе. На вясну 2007 года іх колькасць складала ўжо 54 асобіны. У 2007 годзе на беларускую тэрыторыю зоны адчужэння з Украіны, дзе яны актыўна адстрэльваліся браканьерамі, праніклі коні Пржавальскага. Іх колькасць складае каля дзясятка асобін. Гл.далей конь Пржавальскага ў Беларусі.
На тэрыторыі запаведніка адзначаныя 18 з 19 відаў земнаводных і паўзуноў, што жывуць у Беларусі, у тым ліку 3 з 4 ахоўваемых відаў. За 2006—2010 гады ў запаведніку зарэгістравана 213 відаў птушак, з якіх 58 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, у тым ліку беркут, арлан-белахвост, чорны бусел, і 25 відаў рыб.
Пастаяннае з’яўленне на тэрыторыі запаведніка новых для Беларусі відаў сведчыць аб высокай прывабнасці гэтай тэрыторыі для жывёл.
У сувязі з тым, што на тэрыторыі запаведніка працягваюцца дэградацыя сельскагаспадарчых угоддзяў, разбурэнне меліярацыйных сістэм, дарог, збудаванняў, развіваецца другаснае забалочванне, павелічэнне плошчаў, занятых хмызнякамі, фіта- і зоацэнозы будуць і надалей зазнаваць значныя змяненні[6][7][8].
Зноскі
- ↑ World Database on Protected Areas — 1981.
- ↑ ПДРЭЗ Архівавана 15 лютага 2011. (руск.)
- ↑ а б в Аб запаведніку Архівавана 30 снежня 2014. (руск.)
- ↑ ПДРЭЗ: Кантакты Архівавана 19 лютага 2011. (руск.)
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7). — С. 410.
- ↑ Палескі запаведнік Архівавана 2 ліпеня 2014. (руск.)
- ↑ Экалогія раслінных комплексаў Архівавана 22 чэрвеня 2014. (руск.)
- ↑ Экалогія фауны Архівавана 14 снежня 2009. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Фаунистические исследования в Полесском государственном радиационно-экологическом заповеднике / Сборник научных трудов. Под редакцией Г. В. Анципова. — Гомель: РНИУП «Институт радиологии», 2008. — 162 с.
- Биологическое разнообразие животного мира Полесского государственного радиационно-экологического заповедника / [М. Е. Никифоров и др.]; под редакцией М. Е. Никифорова; [фото: В. Ч. Домбровский и др.] ; Национальная академия наук Беларуси, Научно-практический центр по биоресурсам, Полесский государственный радиационно-экологический заповедник. — Минск : Беларуская навука, 2022. — 407 с. : цв. ил., табл. ; 25 см. — Авторы указаны на обороте титульного листа. — Библиография: с. 272―304 (444 назв.). — 500 экз. — ISBN 978-985-08-2923-8 (в переплете)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік
- Афіцыйны сайт (Праверана 4 чэрвеня 2023) Архівавана 14 кастрычніка 2016.
- Дасье БЕЛТА